«УСХО́ДНІ ВАЛ»

(ням. «Ostwall»),

стратэгічны абарончы рубеж у Вял. Айч. вайну, створаны ням. войскамі на сав.-германскім фронце да восені 1943 на лініі р. Нарва—г. Пскоў—Віцебск—Орша—р. Сож—сярэдняе цячэнне р. Дняпро—р. Малочная з мэтай спыніць наступленне Чырв. Арміі і выйграць час, спадзеючыся на раскол у антыфаш. кааліцыі і сепаратны мір з ЗША і Вялікабрытаніяй. Асн. частка «У.в.» — умацаванні на Дняпры. У вер. 1943 рубеж у паласе ням. групы армій «Поўдзень» і «А» стаў называцца пазіцыяй «Ватан», у паласе груп армій «Поўнач» і «Цэнтр» — пазіцыяй «Пантэра». Да канца вер. 1943 сав. войскі нанеслі паражэнне праціўніку на Левабярэжнай Украіне, фарсіравалі Дняпро і месцамі прарвалі «У.в.». У ходзе наступальных Бранскай аперацыі 1943, Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943, Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 сав. войскі пераадолелі абарончыя пазіцыі «Пантэры».

т. 16, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)